Государственное учреждение образования
"Детский сад № 66 г.Могилева"

Вывучаем беларускую мову

Паважаныя бацькi!

Могилевской областной библиотекой для маленьких читателей разработан цикл онлайн-мероприятий «Чытаем па-беларуску разам», которые знакомят с лучшими произведениями белорусской литературы.

Сонейка-сонца (З народнага)

Сонейка-сонца,

Выгляні ў аконца,

Пасвяці нам трошку,

Дам табе гарошку.

Ладкі ладком (З народнага)

Ладкі ладком,

Піражкі з мядком,

Кашка з алеем,

Есці не ўмеем.

Ладу, ладу, ладкі  (З народнага)

— Ладу, ладу, ладкі,

Дзе былі?

— У бабкі.

— А што елі?

— Кашку.

— А што пілі?

— Бражку.

Бабулька казала,

Як нас частавала:

— Ты прыходзь часцей,

Пачастую смачней:

Дам вам сыраквашкі,

Бярозавай кашкі.

Баю-баінку, баю (З народнага)

Баю-баінку, баю.

Не лажыся на краю.

Не лажыся на краёк,

Прыйдзе шэранькі ваўчок.

Прыйдзе шэранькі ваўчок,

Цябе схопіць за бачок.

Люлі, люлі, люлі (З народнага)

Люлі, люлі, люлі,

Дзеткі ўсе паснулі,

Не спіць толькі коця,

Ходзіць па балоце.

Адмарозіў лапку,

Пайшоў грэцца ў хатку.

Недзе коцю дзецца,

Лапачцы пагрэцца.

Палез на палаткі —

Спалохаўся бабкі.

Палез ён на вышкі —

Там гулялі мышкі.

Так яны дурэлі —

Хвост кату ад’елі.

Пайшоў каток у лясок,

Знайшоў белы паясок.

А котачка узяла

I дзіцяці аддала.

Пайшоў каток пад масток,

Злавіў рыбку за хвасток.

Ці самому з’есці,

Ці дадому несці?

Думаў, думаў каток,

Укусіў адзін разок

I панёс дадому

Дзіцятку малому.

А курачка-рабушэчка(З народнага)

А курачка-рабушэчка!

Пазыч жа мне грабушэчка!

Гута-та, гута-та!

Не пазычу, не прадам!

Прыйдзі ка мне — дарма дам!

Гута-та! Гута-та!

Мышка, мышка, дзе была?(З народнага)

— Мышка, мышка, дзе была?

— Была ў пана караля.

— Што рабіла? — Лыжкі мыла.

— А што далі? — Кавал сала.

— Дзе паклала? — Пад лаўкаю.

— Чым накрыла? — Халяўкаю.

— Дзе падзела? — Кошка з’ела.

Гого-гого, гусачок (З народнага)

Гого-гого, гусачок,

Зрабі хлопчыку свісток

З беласнежнага крыла

Ды з бліскучага пяра.

I зрабіў ён, і падаў,

I сыночак заіграў.

Верабейчык (З народнага)

Верабейчык скача, скача,

Яму холадна, няйначай,

Бо мароз трашчыць,

Бо сняжок блішчыць.

Верабейчык (Алег Лойка)

Верабейчык, верабей,

Шэранькая птушка,

Не чырыкай на вярбе,

Не будзі дачушкі.

Куры (З народнага)

Ой, куры, куры,

Ня пейце рана

Ды не будзіце

Малога Яна!

Гэй, мой конік (Змітрок Бядуля)

Гэй, мой конік, гэй, мой сівы!

Танканогі, даўгагрывы!

Галавою страсяні,

Капытамі зазвіні!

I далёка, мілы мой,

Паімчымся мы з табой!

Белабока-сарока (З народнага)

Белабока-сарока

Прыляцела здалёка,

Села ж яна на таку,

У яе хвосцік на баку.

Трах-бах-тарабах (З народнага)

Трах-бах-тарабах,

Едзе Юрка на валах,

А волікі тупу-тупу,

Юрка з возу цупу-лупу.

Божая кароўка (З народнага)

Божая кароўка,

Што заўтра будзе? —

Дождж ці пагода,

Пень ці калода?

Пагода — ляці,

Дождж — сядзі.

Вавёрка (Уладзіслава Луцэвіч)

Сядзіць, сядзіць вавёрка

На арэхавым кусце,

Арэшачкі лушча,

Шкарлупкі кідае,

Вочкамі міргае.

Грушка (З народнага)

Мы пасадзім грушку

Усе, усе.

Няхай наша грушка

Расце, расце.

Вырасці ты, грушка,

Вось такой вышыні,

Вырасці ты, грушка,

Вось такой шырыні.

Расці, расці, грушка,

Ды ў добры час,

Патанцуй, Марылька,

Паскачы для нас.

Люлі-люлі, люляшу (З народнага)

Люлі-люлі, люляшу,

Я дзіцятка калышу

Нітачку звіваю,

Песеньку спяваю

Што выведу нітачку-

Камару на світачку,

Застануцца кончыкі

Камару на штончыкі.

Ай, люлі-люлі-люлечкі (З народнага)

Ай, люлі-люлі-люлечкі,

Прыляцелі гулечкі,

Сталі яны буркаваць:

-Чым дзіцятка гадаваць?

-Пакарміце малачком,

Саладзенькім піражком.

Кую, кую ножку (З народнага)

Кую, кую ножку,

Паеду ў дарожку,

Дарожка крывая,

Кабылка сляпая,

Еду, еду, еду,

Ніяк не даеду.

Прыпрагу сароку,

Паеду далёка,

У новай кашулі

Да майго дзядулі.

Скоранька паеду,

Каб паспець к абеду.

Ішла каза (З народнага)

Ішла каза рагатая, бадатая:

 — Каго пападу, таго забаду!

Аленку папала,

Аленку забадала.

Будык-будык-будык!

Люлі-люлі, дзеця (З народнага)

Люлі-люлі, дзеця

Ездзіла ў карэце,

Зімою — ў вазочку

На сівым канёчку.

Ходзіць певень па капусце (З народнага)

Ходзіць певень па капусце,

Носіць сон у белай хусце.

Усім дзецям прадаваў,

А Ганульцы дарма даў.

Люляю — люляю (З народнага)

Люляю-люляю,

Я коціка налаю,

Каб ён да нас не хадзіў,

Цябе, дзетка, не збудзіў.

А ты, каток, пайшоў вон,

А дзетачцы аддай сон.

Ходзіць сон каля вакон,

А дрымота каля плоту.

I пытае сон дрымоту:

— Дзе мы будзем начаваць?

— Дзе хацінка цяпленька,

Дзе хацінка маленька.

А ты, коцінька-каток (З народнага)

А ты, коцінька-каток,

У цябе шэранькі хвасток.

Ты прыходзь к нам начаваць,

Будзеш Янку калыхаць,

А я шэраму катку

За работу заплачу —

Дам гарлачык малака

I кавалак пірага.

Курачка — рабка               Беларуская народная казка

Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць.

Ідзе воўк:

— Дзедка, бабка, чаго вы плачаце?

 — Як жа нам не плакаць? Была ў нас курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся.

I воўк завыў.

Ідзе мядзведзь:

— Воўк, чаго выеш?

— Як жа мне не выць? Жыў дзед, жыла бабка. Была ў іх курачка-рабка. Нанесла курачка яечак поўны падпечак. Сабрала бабка яечкі ў чарапіцу ды паставіла на паліцу. Мышка бегла, хвосцікам махнула, чарапіца ўпала, яечкі пабіліся. Плача дзед, плача бабка, курачка кудахча, вароты скрыпяць, трэскі ляцяць, сарокі трашчаць, гусі крычаць, сабакі брэшуць. А я брахаць не ўмею, дык і завыў.

Выслухаў мядзведзь казку і адарваў сабе хвост. З таго часу і жыве з куртатым хвастом.

Бабіны госці               Васіль Вітка

Ладачкі–ладкі!

Дзе былі? — У бабкі.

Што пілі вы? — Малако.

А што елі? — Ко-ко-ко.

Доўга ж вы сядзелі,

Доўга пілі-елі.

А мы не сядзелі —

Цэлы дзень дурэлі.

Мы і заўтра пойдзем

Да бабулі нашай —

Абяцала бабка

Бярозавай кашы.

Свята              Сяржук Сокалаў-Воюш

У адной руцэ — сцяжок,

У другой руцэ — ражок.

Ду-ду-ду, ду-ду-ду! —

Гэта я на свята йду.

Авечка          Сяржук Сокалаў-Воюш

Мы вядзём паіць на рэчку

Кучаравую авечку.

Пі, авечачка, ваду

I вяртайся ў чараду.

Пчолка        Сяржук Сокалаў-Воюш

Пчолка цэлы дзень улетку

З кветкі лётала на кветку

Для таго, каб цэлы год

Нашы дзеці елі мёд.

Мышаня Сяржук Сокалаў-Воюш

Раз-два-тры, раз-два-тры,

Мышаня глядзіць з гары,

Хоча сыру, слёзы лье,

Але коцік не дае.

Мішка  Сяржук Сокалаў-Воюш

Я свайму малому Мішку

Пачытаю казку-кніжку.

Ён паслухае мяне

I ціхусенька засне.

Мыюцца кацяняты              Аўгіння Кавалюк

Лапкай мяккай без вады

Умываюцца каты.

Мыюць вушы і насы

I на спінцы валасы.

Так, як мамы,

Так, як таты,

Мыюцца і кацяняты.

Гаршчок                    Сяржук Сокалаў-Воюш

Сказала мама мне на вушка:

– Ніхто не сікае ў пялюшку,

Ніхто не какае ў пялюшку, –

Сказала мама мне на вушка, –

І важны пан і прасцячок

Заўсёды ходзяць на гаршчок. 

Гушкі, гушкі, гушкі    (З народнага)

Гушкі, гушкі, гушкі,

Прыляцелі птушкі,

Селі на варотах

У чырвоных ботах.

Боты паскідалі,

Кругом паляталі.

Сталі сакатаці.

Чаго птушкам даці?

Прынясу ім жыта,

Будуць птушкі сыты.

Пасыплю гароху —

Хай ядуць патроху.

Ды насыплю грэчкі —

Хай нясуць яечкі.

А ты, каток шэры (З народнага)

А ты, каток  шэры,

У цябе хвосцік белы.

Прыйдзі, каток, начаваць

I дзіцятка калыхаць.

Люлі-люлі-люлечкі (З народнага_

Люлі-люлі-люлечкі,

Прыляцелі гулечкі,

Селі яны ў люлечкі.

Сталі яны буркаваць,

Дзіцятачка калыхаць.

Сарока-варона (З народнага)

Сарока-варона

На прыпечку сядзела,

Кашку варыла,

Дзетак карміла.

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

Гэтаму дала,

А гэтаму не дала.

Гзты пальчык —

Вялікі гультайчык:

Круп на драў,

Цеста не мясіў,

Вады не насіў.

Лыжка на паліцы,

Кашка ў камяніцы.

Шуг! Шуг! Шуг!

Паляцелі —

На галоўку селі.

Я сама (Іван Муравейка)

— Хадзі, будзем апранацца…

— Я сама! Я сама!

— Хадзі, будзем умывацца…

— Я сама! Я сама!

— Дык хадзі хоць прычашу я.

— Я сама! Я сама!

Вось умеліца якая

Наша Танечка малая!

Санкі                  Алесь Станкевіч

Я з сястрычкаю Ганусяй

З горкі ехаць не баюся,

Санкі нашыя імчаць –

Не бярыся даганяць.

Сані   Авяр’ян Дзеружынскі

— Хто вас гоніць

З горкі, сані?

— Ды ніхто,

Бяжым мы самі.

— А чаго вам

Так спяшацца?

— Трэба ж Яначку

Катацца.

Сняжынкі                 Авяр’ян Дзеружынскі

Закружыліся

Сняжынкі

Нізка-нізка

Над зямлёй.

Ціха лётаюць

Пушынкі

Незлічонай

Чарадой.

Быццам тыя

Матылёчкі,

Весяляцца

Нездарма —

Адамкнула

Ўсе замочкі

Ў небе ім

Сама зіма.

Калядкі             Артур Вольскі

Ой, ладачкі-ладкі,

Надышлі Калядкі.

Мы дзеля Калядак

Напяклі аладак.

Ой, ладачкі-ладкі –

Пляскаем у ладкі!

Ой, ладачкі-ладкі –

Святкуем Калядкі!

Люлі-люлі-люлі (З народнага)

Люлі-люлі-люлі,

Прыляцелі куры,

Селі на варотах

У чырвоных ботах.

Сталі сакатаці —

Што курачкам даці?

Ці ячменьку жменьку?

Ці гарошку трошку?

Ці жыта карыта?

Ці бобу каробу?

Трэба даць ім грэчкі,

Каб неслі яечкі.

Коця і Каця                   Васіль Вітка

Плача коця на кухні,

Ад слёз вочкі папухлі.

— Што з табою, мой каток,

Забалеў мо жываток?

— Мяў! — сказаў варкоцік,-

Не баліць жывоцік.

У мяне душа баліць —

Як цяпер на свеце жыць.

Як мне жыць у хаце,

Калі хлусіць Каця:

Смятану злізала —

На мяне сказала.

Кукарэку, певунок (З народнага)

Кукарэку, певунок,

Залаценечкі чубок,

Пад паветачку пайшоў,

Курку-рабку там знайшоў.

Пачаў курку пытаць,

Ці ўмее чытаць.

— Не чытаю, не пішу,

Толькі яйкі нясу.

Штодзень дзецям нашу

Аж па цэламу кашу.

* * *

Дзед Мароз, дзед Мароз

Дзецям елачку прынёс.

А на елачцы зялёнай

Цацак, лялек карагоды!

Ярка свецяцца агні!

Вось як хораша — Зірні!

* * *

Кукарэку, певунок!

Пашый хлопцу кажушок,

Пашый штонікі з шаўкоў,

З залаценькіх паяскоў.

I пашыў ён, і надзеў,

I ў люстэрка паглядзеў.

Жук (З народнага)

Цераз плот, цераз плот

Жук ляціць у гарод

I гудзе, як самалёт.

Мядзведзь             Алесь Якімовіч

Звер вядомы ён усім —

I старым, і дзецям:

Футра цёплае на ім,

А завуць мядзведзем.

Ліска                    Алесь Якімовіч

Навастрыла вушы ліска,

Пачала ўглядацца:

Ці няма спажывы блізка —

Птушкі або зайца?

Коні і поні           Анатоль Камінчук

— Добры дзень! — сказалі коні.

— Добры дзень! — сказалі поні.

— Дзе былі? — спыталі коні.

— У садку,— сказалі поні.—

Мы не проста там гулялі,

Мы малых дзяцей каталі.

Коцік прачынаецца         Андрэй Мясткіўскі

Коцік прачынаецца —

Лапкамі ўмываецца.

Кветка прачынаецца —

Росамі ўмываецца.

Ну, а мы з сястрычкаю

Мыемся вадзічкаю.

У зайчыка лапкі          Андрэй Мясткіўскі

У зайчыка лапкі,

А ў мяне ножкі.

Зайчык сабе — скок-скок,

А я сабе — туп-туп.

Зайчык бег да лесу,

Я ішла дадому.

Зайчык сабе — скок-скок,

А я сабе — туп-туп!

Не хадзі, коцік (З народнага)

Не хадзі, коцік,

Па лаўцы,

Будзем біці

Па лапцы!

Не хадзі, коцік,

Па скрыні,

Будзем біці

Па спіне!

Не хадзі, коцік,

Па масту,

Будзем біці

Па хвасту!

Не хадзі, коцік,

Па печы,

Будзем біці

У плечы!

Не хадзі, коцік,

Па хаце,

Не будзі, коцік,

Дзіцяці!

Няхай кату

Усё ліха,

Наш сыночак

Спіць ціха!

Коцік-варкоцік    Ніна Галіноўская

Коцік-варкоцік

Лёг на жывоцік,

Лапкі пад вушка —

Не трэба падушка.

Валёнкі Ганна Іванова

Коця коўзацца хадзіў,

Сабе лапкі застудзіў.

Прыбег да Алёнкі: —

Пазыч мне валёнкі!

Я зімою панашу,

А вясною прынясу.

Божая кароўка    Іван Юкляеўскі

Божая кароўка,

Чорная галоўка,

Чырвоныя крылцы,

Крапінкі на шыйцы.

Птушачка             Уладзіслава Луцэвіч

Ах ты, мая птушачка,

Ах ты, шчабятушачка!

Хораша ты пела,

Куды ж паляцела?

Коцік Петрык і Мышка

Казка

Аднаго разу коцік Петрык захацеў Мышку злавіць. Ен быў яшчэ маленькі, але чуў ад дарослых катоў, што яны заўсёды ловяць мышэй. I Петрыку вельмі ж захацелася стаць хутчэй дарослым.

Пайшоў ён у гумно. Хадзіў сюды-туды — нікога няма. Раптам у кутку нешта зашамацела. Петрык скокнуў туды і ўбачыў маленькае зверанятка.

— Ты хто? — спытаў Петрык.

— Мышка.

— Вось ты мне і патрэбная.

— Навошта?

— Я не ведаю, навошта, але ведаю, што катам трэба лавіць мышэй.

Мышка пасмялела і кажа:

— Каты ловяць мышэй, каб гуляць з імі ў ката

і мышку. Хочаш, навучу цябе?

— Хачу! — сказаў коцік.

— Тады стань у куток, заплюшчы вочы і лічы да трох, а потым лаві мяне.

Спадабалася гульня Петрыку. Ен стаў у куток, заплюшчыў вочы, а калі далічыў да трох, Мышкі было ўжо не дагнаць…

Вушкі       Нэлі Тулупава

— Вушкі, вушкі,

Што вы чулі?

— Чулі песеньку Ганулі:

«Гулі-гулі,

Гулі-гулі».

— Вушкі, вушкі,

Што вы чулі?

— Нам нічога не чуваць,

Прыйшлі козы начаваць,

Танцаваць ды прыпяваць:

«Не хоча Гануля

Вушкі свае мыць,

Будзем з казлянятамі

Тут, у вушках, жыць».

Калыханка                 Ніна Галіноўская

Закрываюць кветкі вочы,

Толькі Мішка спаць не хоча.

Ен забраўся пад канапу

I ляжыць, узняўшы лапы.

Сам устаць ніяк не можа.

Я паклала Мішку ў ложак.

Спі, мой Мішка, баю-бай,

На мяне не пазірай.

Куры, гусі ўжо заснулі.

Кліча спаць мяне матуля.

Спі, мой любы, люлі, люлі.

Дожджык              Васіль Вітка

Ідзі, ідзі, дожджыку,

Звару табе боршчыку,

Пастаўлю пад лаўкаю,

Накрыю лапаткаю.

Пастаўлю пад сенцамі,

Накрыю паленцамі.

Пастаўлю пад елкаю,

Накрыю талеркаю.

Талерка не здымецца,

Дожджык не сунімецца.

У куце сядзіць мядзведзь (З народнага)

У куце сядзіць мядзведзь,

Хустку вышывае,

А лісічка-невялічка

Хатку прыбірае.

А каток пячэ аладкі,

Масла падлівае.

Мышанятка жвава, гладка

Катку памагае.

Аладкі          Вольга Іпатава

Я аладачкі з пяску

Сёння цэлы дзень пяку,

Але мой рахманы кот

Не бярэ аладкі ў рот.

— Коцік, коцік, не ўцякай!

Чаго хочаш?

  • Ма-ла-ка!

Апсік, апсік, каточак     (З народнага)

Апсік, апсік, каточак,

Не хадзі ты ў садочак,

I не тапчы кветачак,

I не будзі дзетачак.

Няхай кветачкі цвітуць,

Няхай дзетачкі заснуць.

Люлі, люлі, дзеткі, спаць,

А я буду калыхаць.

Мая лялька                Еўдакія Лось

Ляльцы хочацца катлеткі —

Я катлетку ёй даю.

I зімою, і улетку

Чаем я яе паю.

Чышчу ляльцы чаравікі,

Мыю белы фартушок,

Бант завязваю вялікі,

Што як жоўты матылёк.

Я вучу яе смяяцца,

Маляваць і размаўляць,

З мамай раніцай вітацца,

З кошкай Муркай сябраваць.

Чаравікі       Сяржук Сокалаў-Воюш

Я ўжо зусім вялікі

І, узяўшы чаравікі,

Пачынаю меркаваць,

Як іх трэба абуваць.

Чаравікі – сябрукі,

Толькі часам здарыцца:

Адвярнуць насы ў бакі

Так, нібыта сварацца.

Мы іх месцамі мяняем:

Нос да носу туліцца!

Так і трэба! Абуваем

Ды ідзём на вуліцу!

Доктар               Леанід Шырын

Мама ляльку

Падлячыла,

Ніткай ножку ёй

Прышыла.

Маме я

Дапамагла:

Медсястрой пры ёй была.

Сядзіць мядзведзь на калодзе    (З народнага)

Сядзіць мядзведзь на калодзе,

Каптур вышывае,

А сыны-медзведзяняткі

Шоўкам падшываюць.

Стары заяц-работнічак

На скрыпачцы грае,

А лісіца, а хітрыца

З куста выглядае.

А сарокі-белабокі

Пусціліся ў скокі,

А вароны, стары жоны,

Пайшлі жыта жаці.

А зязюля, а зязюлька

Жыта малаціла,

А карова, а карова

Жыта вынасіла.

Казёл меле, казёл меле,

Каза падсыпае,

А малыя казляняты

У мяшок збіраюць.

Муха месіць, муха месіць,

Камар ваду носіць,

А малыя камарочкі

У іх цеста просяць.

Дзіцячы сад                 Канстанцыя Буйло

Нас усіх у сад дзіцячы

Водзяць мамы.

Мы не плачам.

Я дык нават вельмі рад,

Што іду ў дзіцячы сад.

Бычок  (З народнага)

Ой, бычок мой, бысенька,

Залатая лысінка,

Бадучыя рогі,

Тупучыя ногі.

Ты паціхеньку хадзі

I дзіцятка не будзі.

Пчолы           Тадзіяна Кляшторная

Сінія званочкі

Пчолы разбудзілі,

Сонечнымі промнямі

Тварыкі памылі.

На траве і кветках

Росы дагараюць,

Лётаюць тут пчолкі

I нектар збіраюць.

Пчала      Артур Вольскі

Рана-раненька пчала Пакідала вулей, Заспявала-загула, Каб усе пачулі:

— Жу-жу-жу,

Жу-жу-жу,

Я без справы не сяджу,

Жу-у!

Палячу я на лужок, Потым — на палетак. I збяру духмяны сок Самых лепшых кветак.

Жу-жу-жу,

Жу-жу-жу,

Я над кветкамі кружу,

Жу-у!..

Конік           Мікола Чарняўскі

Мне прывезлі коніка,

Коніка-куплёніка,

З цёмнай грывай стрыгунка,

З цёмнай грывай скакунка.

Мяне конік панясе

Па мураўцы, па расе.

Капыткамі загрукоча,

Ручаінку пераскоча,

Паімчыць, нібы віхор,

За лужок, за сіні бор.

Вавёрка     Ларыса Геніюш

У лісічкі свая норка,

І ў вавёркі ёсць каморка.

Як у добрай гаспадыні,

У вавёркі поўна ў скрыні:

Жалуды, арэхі, шышкі –

Намалюйце іх для кніжкі.

Верабей     Ларыса Геніюш

Верабейка:

— Ціў-ціў-ціў! –

Муху дзюбаю злавіў.

А таму, што быў ён добры,

То з сябрамі падзяліў.

Елі муху ўсе са смакам.

Шчабяталі:

— Дзякуй!

— Дзякуй!

Сняданне, абед і вячэра            Сяржук Сокалаў-Воюш

Калі сонца ўстане –

Нам даюць сняданне.

Прабяжыць паўнеба –

Нам абедаць трэба.

Пойдзе сонца спаці,

Нам – вячэра ў хаце.

З братам трэба сябраваць Сяржук Сокалаў-Воюш

Вучыць мама, вучыць тата:

– Нельга брату крыўдзіць брата,

З братам трэба сябраваць,

Брата трэба шанаваць.

Мышка                Алесь Бадак

Уцякала мышка

Ад коціка,

Пагубляла мышка

Боцікі.

Ой, памерзлі ў бедненькай

Ножкі,

Хворая ляжыць яна

Ў ложку.

Дактары прыходзяць к ёй

Часта.

Горкія даюць ёй

Лякарствы.

Гладзіць мама

Мышку-малышку:

— Можа, пачытаць табе

Кніжку?

Не сумуй, мая ты

Малютка.

Станеш ты здароваю

Хутка.

Новыя куплю табе

Боцікі.

Толькі ж сцеражыся ты

Коціка!.

Паўцякалі цацкі          Тадзіяна Кляшторная

Зноў без адпачынку

Завіхаўся Федзя:

Паламаў машынку,

Разарваў мядзведзя,

Паадкручваў вушы

Шэранькаму зайку,

Перамазаў тушшу

Штонікі і майку.

З гэтае прычыны

Цацкі паўцякалі:

Заяц да Яніны,

А мядзведзь да Валі.